Тыдзень роднай мовы "Як ты дорага мне, мая родная мова!"
26.09.2022У перыяд з 19 па 23 верасня 2022/2023 навучальнага года ў школе прахадзіў Тыдзень роднай мовы "Як ты дорага мне, мая родная мова!", прымеркаваны да Дня народнага адзінства.
Мэты Тыдня:
- папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры;
- фарміраванне станоўчай матывацыі да вывучэння беларускай мовы і літаратуры;
- стварэнне ўмоў для развіцця пазнавальнай актыўнасці, творчых здольнасцей, эстэтычных і духоўна-маральных якасцей вучняў;
- выхаванне нацыянальнай самасвядомасці, патрыятызму;
- удасканальванне майстэрства настаўнікаў праз падрыхтоўку, арганізацыю і правядзенне пазакласных мерапрыемстваў.
У Тыдні роднай мовы прымалі ўдзел вучні V-ХI класаў.У рамках Тыдня былі праведзены цікавыя мерапрыемствы, якія давалі магчымасць кожнаму вучню праявіць свае не толькі інтэлектуальныя здольнасці, але і творчыя.
На першым паверсе былі аформлены тэматычныя выставы, якія ўключалі ў сябе творчыя работы вучняў, прысвечаныя роднаму слову.
У першы дзень Тыдня былі арганізаваны “Музычныя перапынкі”, на якіх гучалі аўдыязапісы беларускіх песень, праходзіла акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску”.
На працягу Тыдня праходзілі цікавыя мерапрыемствы, якія садзейнічалі павышэнню інтэлектуальных здольнасцей і праяўленню спаборніцкага духу вучняў. Навучэнцы IХ- класаў наведалі Брэсцкі абласны краязнаўчы музей. Вучні VIII-х класаў прынялі ўдзел у гульні "Фальклор, фальклор – душа народа". Тры каманды, "Дамавікі", "Лесавікі" і "Палевікі", праходзячы станцыі: "Загадкі з роднай хаткі", "Персанажы беларускай міфалогіі", "З крыніц народных чэрпаем натхненне", "Нашы святы", правяралі сваё веданне фальклорнай спадчыны народа. І хоць пераможцамі стала каманда "Лесавікі", усе ўдзельнікі засталіся задаволеныя гульнёй.
Вялікую цікавасць у навучэнцаў Х-х класаў выклікаў гастранамічны фэст "Беларуская кухня". Вучні падрыхтавалі цікавае "Кулінарнае падарожжа", што адбылося ў рамках гастранамічнага фэсту "Беларуская кухня". Навучэнцы пазнаёміліся не толькі з нацыянальнай кулінарнай спадчынай, цікавымі рэцэптамі і традыцыямі, але і расказалі пра сучаснае развіццё харчовай прамысловасці Беларусі. А вынікам свята стала кулінарная выстава, дзе можна было не толькі пабачыць, але і пакаштаваць разнастайныя прысмакі, прыгатаваныя вучнямі.
Навучэнцы VI-х класаў прынялі ўдзел у флаер-фэсце "Мой родны кут, як ты мне мілы…". Хлопчыкі і дзяўчынкі творча падышлі да дадзенага мерапрыемства. Праз вобразныя сродкі мастацтва вучні паказалі прыгажосць і непаўторнасць беларускіх краявідаў.
Цікавыя віншавальныя паштоўкі "Пажаданні роднай мове" прэзентавалі вучні VI-х - VIII-х класаў.
Свае інтэлектуальныя здольнасці вучні маглі праявіць на працягу Тыдня ў розных конкурсных спаборніцтвах. Для навучэнцаў VII-х класаў была праведзена віктарына "Знаўцы роднай мовы", для вучняў V-х класаў моўны турнір "З легендаў і казак…", гульня-конкурс "Народнае выслоўе" для вучняў VIII "С", а навучэнцы ХI-х класаў прынялі ўдзел у конкурсе "Слова роднае – вечнасці след". У час гэтых мерапрыемстваў вучні мелі магчымасць пазнаёміцца з самабытнасцю беларускай культуры, багатым духоўным жыццём нашага народа, а таксама праявіць кемлівасць, назіральнасць і ўзровень валодання родным словам.
Завяршыўся Тыдзень паказам відэароліка “Квітней, родная мова” для вучняў V-х класаў.
Усе мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках Тыдня, спрыялі выхаванню павагі да роднай мовы, да Бацькаўшчыны. Бо родная мова – гэта не толькі сродак зносін, жывая повязь пакаленняў, але і сродак выяўлення душы чалавека, знак яго прысутнасці на зямлі. Родная мова – гэта адвечны голас Радзімы.
Сто разоў шукай другой красы,
А тым больш , што свет зусім не вузкі!
…Ды калі ты не бязродны сын –
Гавары са мной па-беларуску!
Я. Янішчыц