РУС БЕЛ ENG

Тыдзень роднай мовы “Багата, родная ты мова…”

20.02.2024

 

У перыяд з 12 па 17 лютага 2023/2024 навучальнага года ў школе

 прахадзіў Тыдзень роднай мовы “Багата, родная ты мова…”

 Мэты Тыдня:

-папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры;

-фарміраванне станоўчай матывацыі да вывучэння беларускай мовы і літаратуры;

-стварэнне ўмоў для развіцця пазнавальнай актыўнасці , творчых здольнасцей, эстэтычных і духоўна-маральных якасцей вучняў;

-выхаванне нацыянальнай самасвядомасці, патрыятызму;

-удасканальванне майстэрства настаўнікаў праз падрыхтоўку, арганізацыю і правядзенне пазакласных мерапрыемстваў.

У Тыдні роднай мовы прымалі ўдзел вучні V-ХI класаў.У рамках Тыдня былі праведзены цікавыя мерапрыемствы, якія давалі магчымасць кожнаму вучню праявіць свае не толькі інтэлектуальныя здольнасці, але і творчыя.

У першы дзень Тыдня былі арганізаваны “Музычныя перапынкі”, на якіх гучалі аўдыязапісы беларускіх песень, праходзіла акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску”. На першым паверсе арганізавана тэматычная выстава “Слова роднае – вечнасці след”.

          У рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры  прайшла віктарына “Не проста ў словы мы гуляем, на роднай мове размаўляем”. Удзельнічалі вучні V “А” і  V “Б” класаў.  Было дзве каманды- “Буслы” і “Зубры”. Дзеці  разгадвалі крыжаванкі, складалі і тлумачылі прыказкі, перекладалі словы з рускай мовы на беларускую. Балельшчыкі таксама  разгадвалі загадкі, стараліся зарабіць балы для сваіх каманд.

   Віктарына прайшла цікава і займальна. Дзеці з задавальненнем прымалі ўдзел, добра адказвалі на пытанні, праяўлялі кемлівасць. Мерапрыемства садзейнічала фарміраванню моўнай культуры вучняў, узбагачэнню слоўнікавага запасу, далучыла іх да таямніц роднай мовы, выклікала цікавасць да яе.

                                                                    

Навучэнцы  V “Б” класа паглядзелі відэаролік “Унікальная літара”.

   Вучні даведаліся пра цікавыя факты пра Ў нескладовае : паходжанне гэтай літары, пра Ў кароткае ў іншых мовах , пра музычны гурт “Ў нескладовае”. Таксама ім было цікава пачуць пра помнік “Ў” у Полацку, які быў усталяваны ў верасні 2003года. А некаторыя і самі бачылі гэты помнік і падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Без вуснай народнай творчасці, без народнай спадчыны немагчыма станаўленне і развіццё роднай мовы, літаратуры, культуры. Любіць і шанаваць родную мову – гэта мала. Трэба ведаць і вывучаць культуру Беларусі, яе святы, традыцыі, фальклор. Фальклор – аснова  беларускай культуры.

Пяцікласнікі прынялі ўдзел у віктарыне “Беларуская скарбонка”. Дзве каманды “Бусляня” і  “Валошка” правяралі сваё веданне фальклорнай спадчыны народа. Былі праведзены конкурсы “Прыгадваем”, “Тлумачым значэнне”,”Цытуем”, “Аматары беларускага фальклору”,“Пазнай фразеялагізм!”, конкурс капітанаў “Веру – не веру”.

 

Дзяўчынкі і хлопчыкі адказвалі на цікавыя пытанні, разгадвалі загадкі. Віктарына прайшла весела, цікава, пазнавальна. Вучні прадэманстравалі сваю кемлівасць, эрудыцыю. І хоць пераможцамі стала каманда “Валошка”, але ўсе ўдзельнікі засталіся задаволеныя віктарынай.

Сярод вучняў IX-х класаў быў праведзены турнір знаўцаў роднай мовы “Мова родная – наша спадчына і запавет”. Дзве каманды спаборнічалі ў 7 конкурсах: ”Размінка”, “Перакладчыкі”, “Век жыві, век вучыся”,”Фразеалагізмы”, “Беларуская песня”, ”Расшыфруй прыказку”, ”Музей народнага побыту”.

Удзельнікі адказвалі на пытанні, удала падбіралі да рускіх слоў беларускія адпаведнікі, праявілі здагадку і кемлівасць пры складанні фразеалагізмаў з частак, былі экскурсаводамі ў віртуальны музей народнага побыту. Усім  ўдзельнікам спадабаўся турнір знаўцаў роднай мовы.

 

Адкрыты ўрок для настаўніка — гэта дэманстрацыя педагагічных уменняў, дасягненняў. У рамках Тыдня былі праведзены адкрытыя ўрокі, дзе было прадэманстравана майстэрства настаўнікаў. Адкрытыя ўрокі правялі Бяльчук Л. М. “Падагульненне і сістэматызыцыя вывучанага па тэме “Прыметнік” у VI“Ж” класе, Шалкоўская С. М. “Падагульненне  і сістэматызыцыя вывучанага па раздзеле“ Сказы з аднароднымі членамі: будова, значэнне, ужыванне” ў VIII”Т” класе, Кавальчук А. А. “Урокі мудрасці” па аповесці Кузьмы Чорнага “Насцечка” ў VI”Г” класе.

Для шасцікласнікаў у рамках Тыдня мовы быў паказаны відэаролік “Квітней, родная мова!”.

Закончыўся Тыдзень роднай мовы літаратурнай гасцёўняй “Вольная птушка з Палесся”, прысвечанай Яўгеніі Янішчыц. Навучэнцы IХ і Х класаў расказалі пра жыццёвы і творчы шлях паэткі, паказалі прэзентацыю, прачыталі вершы пра родную зямлю, мову, маці(“Прыедзь у край мой ціхі”, “Ты навучыла мяне сеяць жыта і лён”, “Мова”, “Мой падарунак”). Не засталася па-за ўвагай інтымная лірыка паэткі. Вельмі пранікнёна пад гітару прагучаў верш “Ты пакліч мяне. Пазаві…”А яшчэ гучалі песні, напісаныя на словы Я. Янішчыц (“Якая Я”, “Апаў бэз”, “Я пачакаю”. Закончылася літаратурная гасцёўня вершаванымі радкамі Анатоля Грачанікава” Паэзія – яна не знае тлену, калі ў душы хоць прыгаршчы святла”.

Яўгенія Янішчыц – чалавек ХХI стагоддзя.Яна заляцела да нас з будучыні і даказала сваёй творчасцю, што толькі жывучы ў міры і згодзе з іншымі, чалавек будзе адчуваць сябя чалавекам.

Усе мерапрыемствы былі прысвечаны  нашай роднай мове. Мова павінна жыць у сэрцы кожнага беларуса. Трэба ганарыцца сваёй мовай, ведаць, любіць і шанаваць.